Рыдэльта Гуціерас і la lluvia profética


Першыя, каго я сустрэла на цвёрдай кубінскай зямлі ў ліпені 1989-га, – Рыдэльта Гуціерас і яго жонка-беларуска Валянціна.
“Тарас Шаўчэнка” прышвартаваўся ў гаванскім порце. Паліцыя з цяжкасцю стрымлівала вялізны натоўп, які жыццярадасна махаў нам рукамі; пад адкрытым небам праходзіў надгляд багажу. Зразумела, ніхто з мытнікаў нікуды не спяшаўся. Ужо некалькі гадзін мы пакутавалі ў чаканні, і раптам побач з намі з’явіліся Рыдэльта з Валяй. Якім чынам яны прабраліся за паліцэйскае ачапленне? Абодва ўжо год як прыехалі на выспу і – вось, дзяліліся свежымі ўражаннямі.
–Апранай маску і ідзі на працу! – з абурэннем расказваў Рыдэльта.
І тут нас накрыў моцны лівень. Гэта быў не проста la lluvia, а выбух нябесных цыстэрн, якія перавозілі ваду ў раёны з бедным, суровым кліматам, каб размяркоўваць там яе па карткавай сістэме. І ўвесь гэты вострадэфіцытны груз абрынуўся на нашыя галовы. У адно імгненне і мы, і наш багаж вымаклі ўшчэнт, нібыта нас добра прапаласкалі ў басейне на верхняй палубе “Тараса”, дзе мы, камсамолкі ў белых махровых халаціках з ЦУМа, васямнаццаць сутак квасіліся ў сіропе буржуазнай рэспектабельнасці, якую кранальна-няўмела імітавалі. І яшчэ б нам было яе не імітаваць! Ззаду засталіся і гніючы труп мегадзяржавы, і непатрэбны мне бераг турэцкі, і паўночныя гутаркі з духам Алены над водамі Эгейскага мора – Алены, якой, згодна аўтарцы “Касандры”, ніколі не было ў Троі. Але гэтую ўлётку варта было прыдумаць і прыдумалі, бо калі камусьці хочацца развязаць вайну, няшчасная ахвяра дыскрымінацыі заўсёды знойдзецца. Гэты дождж імкліва змываў з мяне мой учарашні вобраз – шчаслівы і самаўпэўнены, шчаслівы і шляхетны, які пачаў ужо выпроствацца са свінцовых абдымкаў радзімы.
Мокрых і змучаных спёкай, нас нарэшце прапусцілі за паліцэйскае ачапленне. Брат мужа Энрыке Леонсіа і яго цяжарная жонка Вівіян, такія ж мокрыя і змучаныя, бо шмат гадзін прастаялі па іншы бок кардона, махалі нам рукамі. А за спінамі натоўпу другая ў маім жыцці таталітарная краіна рыхтавалася прыняць мяне ў свае гарачыя вільготныя абдымкі.
Сёння Рыдэльта Гуціерас жыве ў ЗША.

"Я тут і першым, і апошнім ранкам..."

Зрабіла тое, што даўно хацела: перагледзела падшыўкі барысаўскай газеты пачынаючы ад 1980-га ў пошуках вершаў Таццяны Зіненка, што не ўвайшлі ў адзіную яе пасмяротную кніжку, выдадзеную сябрамі паэткі. Пра кніжку пісала тут:
http://brava-alena.livejournal.com/34604.html
і ў №70 “Дзеяслова” за мінулы год.
Нездарма глытала пыл у архіве. Знайсці ўдалося шмат новых-старых вершаў, якія друкаваліся ў “Кам.працы”, “Адзінстве” ў 80-90-х. Увесь гэты скарб увойдзе ў новую кніжку Таццяны, укладаннем якой займаецца Леанід Галубовіч. Цудоўныя перліны нашай жаночай лірыкі ўдалося адшукаць!
Вось некаторыя з вершаў.

Я — КРЫВІЧАНКА
Я — крывічанка. Дух мой чысты.
Мой позірк — меч. І не за тым
Прыйшла я ў гэты свет нячысты,
Каб быть пад позіркам чужым.
Мая бацькоўшчына ніколі
Не рабавала нічыё.
І ў самай жудаснай няволі
Не брала ў рукі пугаўё.
У нас была не тая зброя,
Якой знянацку на плячы,
А нашы крывіцкія воі
Трымалі чэсныя мячы.
І над маім святым народам
Намітка белая плыла.
А наша крэўная парода
Заўсёды вабнаю была.
І аніхто не смеў запляміць
Спрадвечнай нашай чысціні.
Бо мы трымаліся за памяць,
За розум і за карані.

Ягада-спакуса
Мяркуе на спачынак сенажаць,
Задымленая восень у знямозе,
Бярозкі, прытуліўшыся ў дарозе,
Зіме ў вочы спуджана глядзяць.
Ды прыйдзе час бузіну смакаваць –
Майго дзяцінства ягаду-спакусу.
І з года ў год мне тут не па прымусу
Дабром нязменным вечна прарастаць.
Бо на каго, скажыце, я пакіну
З маленства пратаптаную сцяжыну
І дзікую шыпшыну пад акном,
Дзе далягляд купаецца ў заранках
І аглушае шчасцем вешні гром?
Я тут і першым, і апошнім ранкам.
Пад катам яшчэ вершы...Collapse )

"Мёд Чорнага Месяца" ў "Дзеяслове" і кніга беларускай прозы "пра гэта"


У жнівеньскім нумары “Дзеяслова” выйшла апавяданне "Мёд Чорнага Месяца".
Тэкст напісаны напрыканцы мінулага года для першага зборніка беларускай эратычнай прозы – так анансуе кнігу "Дванаццаць актаў" (творчых, спадарства), якая мае неўзабаве выйсці, яе ўкладальнік Уладзіслаў Ахроменка. Кніга складаецца з тэкстаў дванаццаці беларускіх аўтараў. Не прапусціце гэткую з'яву! Дарэчы, грошы на выданне збіраюцца з дапамогай сайта http://ulej.by на адмысловай старонцы http://ulej.by/project?id=9196

Пра фемінізм, жаночую цывілізацыю, вяртанне жанчыны да сваёй цялеснасці, etc.

http://zviazda.by/2014/06/42959.html

Ва ўсім тэксце адна рэдакцыйная абдрукоўка, затое шыкоўная: замест “Калі ж фемінізм абмяжуецца…” атрымалася “Калі Ж-фемінізм абмяжуецца…” Інтуітыўна-прарочы пачатак працуе напоўніцу: цяпер буду спадзявацца, што мы ўбачым і “М-фемінізм”, а значыць, жаночая цывілізацыя (не ў сэнсе “цывілізацыя без мужчын”, а пабудаваная на “жаночых” прынцыпах), пра якую я прамаўляю, насамрэч магчымая:)

ПГ (так, менавіта прэмія Гедройца)

Пры маім анахарэцтве, адасобленасці ўсё ж неабходна калі-нікалі з’яўляцца на публіцы хаця б дзеля таго, каб пераканацца, што некалькі дзясяткаў людзей, якія сабраліся ў адным месцы і размаўляюць паміж сабой па-беларуску, – не прадукт асобна ўзятай свядомасці. Калі жывеш у татальна рускамоўным горадзе, пачынаеш сумнявацца, ці не ёсць ўсё беларускае вынікам майго саліпсізму, адмаўлення “аб’ектыўнай рэчаіснасці”.
Гэтым разам ПГ прынесла мне, акрамя магчымасці матэрыялізаваць (вербалізаваць) маю беларускасць, шэраг нематэрыяльных дывідэндаў:
я паўдзельнічала ў дыскусіі пра гістарычную памяць і гістарычную віну ў рамках “Пятніц з Гедройцам” (у сустрэчы таксама прымалі ўдзел Анатоль Івашчанка і Вячаслаў Ракіцкі, вядоўца Альгерд Бахарэвіч);
http://prajdzisvet.org/news/abranyja-shests-finalistau-premii-imja-ezhy-gedrojtsa.html
прадставіла СМІ і чытачам “Дараванне";
развіртуалілася з людзьмі, якіх дагэтуль ведала толькі па ЖЖ, на цырымоніі ў гатэлі “Вікторыя” (шкада, не з усімі паспела);
gedroic_2014-7
http://lit-bel.org/by/news/5048.html
падпісала і падарыла сваю кніжку Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Амбасадару Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь спадару Лешаку Шарэпку.
Нечакана для сябе ад актыўнай сацыялізацыі атрымала чыстае задавальненне.
Ну а мужчыны прынеслі дадому забітых мамантаў:)
Шчырыя віншаванні Ігару Бабкову! Няхай наступным ягоным "мамантам" будзе як мінімум "Ангелус"!

"Палёт над безданню" - эсэ пра Таццяну

Таццяна Зіненка
***
Гарчэйшае пітво
А. Сысу
Толькі табе пазайздрошчу.
Толькі табе не зманю.
Нас пакараюць на плошчы,
Нам пашкадуюць агню.
Мы, што ніколі з табою
Не абняліся ў жыцці,
Будзем сцяблінай адною
Разам да сонца расці,
Покуль зялёная крона
Лісце на дол не страсе.
Нас пакараюць бяскроўна:
Ветліва і пакрысе.
Мы не народжаны доўга
Жыць і жыццё разумець.
Нам абяруць, як нябогам,
Самую лёгкую смерць.
І, парынаючы ў Лету,
Мы не згадаем зямлю,
Дзе паміраюць Паэты,
Перш чым пачуюць: “Люблю…”

У №70 "Дзеяслова" (3,2014) выйшла маё эсэ пра барысаўскую паэтку Таццяну Зіненку.
http://dziejaslou.by/%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D1%8F%D1%81%D0%BB%D0%BE%D1%9E-%E2%84%9670/

Прэзентацыя “Даравання”

Учора выдавецкі Дом “Звязда” (які мяне, нарэшце, даціснуў пераканаў) і цэнтральная бібліятэка Барысава правялі прэзентацыю “Даравання”. Перадусім была аўтограф-сесія ў кнігарні, дзе кнігі набываліся. Людзей прыйшло нечакана шмат. Я не пакутую на сацыяфабію, мне проста неверагодна шкада часу на такія рэчы. Да таго ж гаварыць некалькі гадзін запар і адказваць на пытанні, часам даволі закамурыстыя, цяжкавата. Але відавочна, што такія сустрэчы патрэбныя тым, хто іх наведвае. Дзякуй усім, хто прыйшоў.
Прыемна тое, што людзі чытаюць па-беларуску. Што яны ў стане доўга слухаць беларускую гаворку. Адначасова правяла прэзентацыю кніг выдавецтва “Franc-Tireur USA": усе тры былі на палічцы. І Сярэбраная Куля была са мной – і абараняла)).
прэзентацыя-5
прэзентацыя-4
прэзентацыя-1

Плач аб жыцці

Без имени-1
Неабходнасць паэту заставацца жывым Мішэль Уэльбек у аднайменным эсе падкрэслівае асабліва. «Мёртвы паэт нічога не напіша». Здавалася б, ці трэба казаць пра тое, што і так зразумела? Але што для звычайнага чалавека з’яўляецца банальнай канстатацыяй, для паэта ёсць справай архіскладанай. Не ўсе адольваюць. Бо сапраўдны паэт безабаронны — перад лёсам, перад уласным дарам, які часта выяўляецца большым за яго самога. Раны на сэрцы паэта не ператвараюцца ў шнары. «Я не для жыцця», — пісала Марына Цвятаева. «Мы не народжаны доўга жыць і жыццё разумець» — адгукаецца Таццяна Зіненка, барысаўская паэтка, чыя адзіная, пасмяротная кніжка вершаў «Плакала дзяўчынка» выйшла нядаўна ў сталічным выдавецтве «Каўчэг».
Назва для кнігі выбрана дакладная. Кожны верш тут – плач: з дзіцячай усмешкай скрозь слёзы, плач ад пяшчоты і замілавання перад Прыгажосцю, горкі плач наўзрыд. Зрэшты, інтанацыя вершаў аніколькі не плаксівая. Гэта шчырая споведзь аголенага сэрца, у якой кожнае слова аплочана высокай цаной. Вершы трывожаць, іх цяжка чытаць, бо ведаеш, што аддаў паэт узамен за крыштальную чысціню голасу. І міжволі ўзгадваеш Крысту Вольф: «Жанчыны доўгі час жылі, не беручыся за пяро. Потым яны пісалі — сваім жыццём, цаною яго». І калі Зіненка кажа: «А ты спыніся і падумай: кахаць табе ці паміраць…» — разумець яе трэба літаральна. Для сябе яна гэты выбар зрабіла.
Чытаць далей...Collapse )